У Instagram ёсць некалькі тысяч пастоў з тэгам #будущийзащитник. Гэта фота дзяцей розных узростаў, часта апранутых як салдаты, ад аматарскіх здымкаў да прафесійных фотасесій. Некаторым дзеткам усяго 2-3 гады. Сёння Беларусь змагаецца з таталітарным рэжымам. Пасля масавых мірных пратэстаў, жорстка задушаных сілавікамі, сотні затрыманых пратэстоўцаў паведамілі, што іх катавалі, зневажалі і жорстка збівалі. Нягледзячы на тое, што шматлікія выпадкі беспрэцэдэнтнага і нематываванага гвалту былі задакументаваныя і абнародаваныя, урад адмаўляецца прызнаваць гэтыя факты. Працуючы з сучасным інтэрнэт-архівам, я спрабую зразумець, ці мае свае карані гвалт, які мы бачым сёння, у дзяцінстве. І хто тады вінаваты: бацькі, якія даюць свайму дзіцяці аўтамат для фатаграфіі, ці сацыяльныя сеткі, якія заахвочвалі іх выкладваць гэтыя здымкі, атрымліваць лайкі і г.д. Паколькі ў міліцыі служаць нашыя грамадзяне, а не нехта з-за мяжы, я спрабую высветліць, што такога ёсць у нашым грамадстве, што прымушае некаторых з нас быць здольнымі на такую жорсткасць.